Пад уладай змяркання ўзвышаецца маёнтак. Хмары закрываюць месяц і зоркі ад позірку зямнога. Вось-вось яны пральюць дождж, не ў сілах больш стрымліваць у сабе нябесныя слёзы. Дрэвы няўмольна рыпяць ад магутнага ветру, які гне галіны ўніз, прымушаючы іх кланяцца перад яго надмернай сілай.
Але раптам усё замірае. Кожны лісток услухоўваецца: нешта ледзь-ледзь прарываецца скрозь шкляныя бар’еры вокнаў. Нейкі гук, зусім не той, што нараджае сама прырода, не, нешта іншае... Гук становіцца ўсё мацнейшым, пакуль не дасягае абсалютнай смеласці перад светам. Скрыпка... Павольная мелодыя даносіцца з-пад смычка, нацёртага каніфоллю.
Матыў, які ласкае вушы, іграе мужчына сярэдніх гадоў. Тое, як ён трымае скрыпку, цудоўная музыка, якая струменіцца, нібы ручай, засяроджанасць – усё паказвае на тое, што гэты чалавек – майстар сваёй справы. Хто ж ён? Персонай, якая ўзрушыла свет сваімі творамі, быў вядомы кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Вальсы, паланэзы, мазуркі, галоп, менуэт, кадрыль – каля 70 яго твораў мелі вядомасць ва ўсёй Еўропе. Музыка Агінскага была папулярная на імператарскіх балях пры Кацярыне II, пад яго танчылі спадары ў дарагіх касцюмах і іх дамы ў пышных сукенках з высокімі прычоскамі. Але, нягледзячы на гэта, Агінскі лічыў сябе аматарам, а музыка для яго была толькі хобі, бо ўвесь час быў заняты важнымі палітычнымі справамі. Ён быў дыпламатам, членам сейма Рэчы Паспалітай, ваенным дзеячам. Прымаў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, а, будучы сенатарам Расійскай імперыі, вёў перамовы з Напалеонам.
Лёс Агінскага як дзяржаўнага дзеяча быў вызначаны яшчэ ў раннім дзяцінстве. Аднойчы бацька Анджэй Ігнацый, які служыў польскаму каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, узяў сына з сабой у палац. Кароль, зацікавіўшыся дзіцём, падняў яго на рукі, паставіў на стол і пачаў распытваць. На пытанне «Кім бы ты хацеў стаць?» хлопчык адказаў: «Ваша Вялікасць, я не хачу быць каралём, як Вы, таму, што людзі кажуць, што вельмі няшчасныя. Але калі я вырасту, то хачу дапамагаць Вам і дзяржаве».
Будучаму палітыку неабходна была адпаведная адукацыя. Хлопчык вывучаў польскую, французскую, рускую, галандскую, англійскую, італьянскую, грэцкую мовы, латынь. У сямейнай бібліятэцы налічвалася больш за 3000 кніг. Для навучання Клеафаса запрасілі настаўніка Жана Рале, які рыхтаваў будучых імператараў. Настаўнік ніколі не навучаў хлопчыка тэорыі, яны ўсё праходзілі на практыцы. Прыродныя дысцыпліны вучылі толькі на адкрытым паветры, геаметрыю вывучалі, складаючы чарцяжы пакояў, палацаў і паркаў. Да ўсіх правілаў матэматыкі і моў настаўнік прыдумваў яму вершы, каб лягчэй запаміналася. Сам жа Жан Рале лічыў галоўным не адукацыю, а выхаванне. Ён хацеў, каб Міхал Клеафас у першую чаргу вырас асобай, а не хадзячай энцыклапедыяй. Таму выхоўваў яго на хрысціянскіх ідэалах.
Адна гісторыя, якая адбылася з нашым героем, да канца жыцця ўсплывала ў памяці яго, нібы напамін. Жан Рале заўсёды казаў вучню: «Мішэль, усе людзі – браты і сёстры. Хоць ты і князь, але нават слугі твае родныя табе. Усіх трэба любіць». Але аднойчы адзін са слуг раззлаваў маладога гаспадара так, што той абразіў яго і даў аплявуху. Настаўнік запрасіў усіх насельнікаў дома і загадаў юнаку прылюдна пацалаваць ногі таго, каго ён ударыў. Пасля гэтага хлопчык адразу ж пабег да сябе і не выходзіў з пакоя. Ён плакаў, аднак не ад таго, што гонар яго быў закрануты, што ён быў прыніжаны, а ад таго, што не здолеў выканаць наказ настаўніка і паставіцца да слугі, як да брата.
Па сённяшні дзень у двары сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе стаіць памятны камень з лацінскім надпісам «Настаўніку майму, Жану Рале. Удзячны вучань М.А., 1822 год». Роўна 200 гадоў валун захоўвае памяць аб удзячнасці кампазітара аднаму з самых блізкіх людзей, які дапамог яму стаць чалавекам з вялікай літары.
Літаграфія сакратара Агінскага, на якой намалявана сядзіба, таксама равесніца гэтага каменя. Менавіта яна дапамагла ўзнавіць ландшафт парка падчас нядаўняй рэстаўрацыі «Паўночных Афін». Гэтае месца мае сусветнае гістарычнае значэнне, таму што музыка кампазітара цікавіць турыстаў са шматлікіх краін. У доме-музеі захавалася мноства рэліквій. У кабінеце на стале – мемуары кампазітара, выдадзеныя яшчэ пры яго жыцці, якія ён пачаў пісаць тут, у Залессі. Шкада, што нельга ўзяць у рукі і пагартаць пажоўклыя старонкі, каб зразумець думкі і пачуцці гэтай асобы.
Побач з кнігамі, як і тады, ляжыць скрыпка. Нават падчас дзяржаўных справаў ён мог дазволіць сабе зрабіць паўзу і сыграць музычны твор.
Сямейныя партрэты, нотныя лісты, спісаныя рукой майстра, посуд, старадаўнія канапы і дываны, аранжарэя – усё гэта дапамагае пагрузіцца ў атмасферу XIX стагоддзя. Гляджуся ў вялізнае люстэрка ў пацёртай залацістай аправе, злёгку дакранаюся да гладкай паверхні старадаўняга венскага раяля – і здаецца, што вось-вось па рыпучых вінтавой лесвіцы спусціцца гаспадар дома і, як раней, возьме ў рукі пяро і стане крэсліць на паперы ноты будучага раманса ў гонар каханай жонкі.
Міхал Клеафас Агінскі быў адной з выдатных фігур не толькі еўрапейскай, але і беларускай гісторыі і культуры. Яго жыццё і шматгранная дзейнасць цесна звязаны з мінулым і сучаснасцю нашай краіны. Імя яго залатымі літарамі ўпісана ў летапіс маёй малой радзімы. Маладзечанскі музычны каледж носіць імя М.К.Агінскага, а вобраз яго, адліты ў бронзе, глядзіць на мінакоў і нібы нагадвае нам пра тое, як важна ведаць і берагчы гісторыю сваёй краіны, захоўваць культурныя і духоўныя каштоўнасці, ганарыцца талентамі беларускай зямлі, перадаваць з пакалення ў пакаленне спадчыну нашых продкаў.
Кацярына Сушко.
Прочла статью с удовольствием! Благозвучие белорусского языка придает особый колорит и глубину! Спасибо автору!