– Звярніце ўвагу на рушнікі. Яны ў Беларусі дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, але ёсць і падобныя. Галоўная розніца – менш раслін і кветак. Арнамент часцей геаметрычны, чорнага колеру мала, больш пераважае вясёлка: жоўты, чырвоны, сіні, блакітны, – гэтымі словамі я пачынаю экскурсію для наведвальнікаў гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”, які знаходзіцца ў Лебедзеўскай сярэдняй школе.
Самавар, з якога піў чай Янка Купала
За 35-гадовую гісторыю існавання школьны музей стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Сюды прыязджалі госці з Ізраіля, Канады, Германіі, ЗША, Швейцарыі, Казахстана, Эстоніі, Латвіі, Расіі. І ўсё гэта дзякуючы намаганням настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Антона Апанасевіча.
Безумоўна, стваралі музей, як кажуць, усім светам: настаўнікі, вучні, іх бацькі, неабыякавыя жыхары вёскі. Унікальнымі экспанатамі можна назваць самавар, з якога піў чай Янка Купала, кацёл часоў Першай сусветнай вайны, пушку. Цікавасць выклікаюць каменная сякера і іншыя рэчы, сабраныя на месцы былога гарадзішча. Каштоўнымі з’яўляюцца дакументы, звязаныя з дарэвалюцыйным перыядам. Штогод экспазіцыя музея пашыраецца. Напрыклад, за апошнія тры гады сабрана вялікая колькасць экспанатаў, звязаных з Першай сусветнай вайной.
У музеі можна падрабязней пазнаёміцца з гісторыяй вёскі Лебедзева, вывучыць бытавую культуру беларусаў, успомніць пра Другую сусветную вайну і яе герояў, даведацца пра знакамітых жыхароў. Уражвае колькасць землякоў, якія праявілі сябе ў самых розных галінах і праславілі Лебедзева далёка за межамі аграгарадка. Напрыклад, гісторык, пісьменнік, фалькларыст і краязнаўца Генадзь Каханоўскі. Выпускнікамі Лебедзеўскай школы таксама з’яўляюцца паэты Рыгор Семашкевіч і Кастусь Цыбульскі, акадэмік Васілій Рагуновіч. Оперная спявачка Тамара Супоніна першыя ўрокі майстэрства таксама набыла ў нашай вёсцы, у вясковай харавой капэле. Жыццё і дзейнасць гэтых асоб з’яўляюцца прыкладам для нас, маладога пакалення.
Музей натхняе вучняў на даследаванні
Фонды музея даюць падставу і матэрыялы для даследчай работы. Пад кіраўніцтвам Антона Антонавіча навучэнцы падрыхтавалі некалькі дзясяткаў работ на самыя розныя тэмы: вайна, культура, археалогія, адукацыя. Юныя даследчыкі неаднаразова ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях, ад раённых да міжнародных. За апошнія гады яны два разы былі пераможцамі конкурса даследчых работ імя Вярнадскага ў Маскве.
“Лебедзеўская сага” – гісторыя вёскі
Матэрыял, які краязнаўца збіраў на працягу 30 гадоў, знайшоў сваё адлюстраванне ў кнізе. “Лебедзеўская сага” Антона Апанасевіча апісвае асноўныя вехі гісторыі вёскі са старажытных часоў да сучаснасці. У аснову працы ляглі архіўныя дакументы і ўспаміны мясцовых жыхароў. Важна тое, што ў гэтай кнізе ёсць шмат новай інфармацыі, якую раней прачытаць дзесьці было немагчыма. Адметнасцю кнігі аўтар лічыць археалогію. Менавіта на яе больш за ўсё было патрачана часу і сапраўдных даследаванняў.
Прадмову да выдання напісаў Барыс Кіт – вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі, які калісьці працаваў настаўнікам у мясцовай школе.
– Якраз з Лебедзева пачалося маё развітанне з Радзімай на многія дзесяцігоддзі. Хоць я жыў і працаваў далёка ад Беларусі, у маёй памяці родная зямля была заўсёды, – прызнаваўся вучоны.
Настаўнік вучыць любіць беларускую зямлю
Цяпер Антон Апанасевіч рыхтуецца да выпуску яшчэ адной кнігі. На гэты раз аб сваёй радзіме – Вілейшчыне, вёсцы Дзямідкі. Малая радзіма – гэта месца, якое дало пуцёўку ў жыццё і па сённяшні дзень сілкуе яго. Радзіма, як вітамін, дае энергію і прымушае спадзявацца на лепшае. У маладосці гэта пачуццё можа не так праяўляцца, а з узростам усё становіцца зразумелым.
– Галоўнае ў жыцці – быць карысным людзям, пакінуць нешта пасля сябе. Вакол мяне людзі, з якімі цікава жыць, сям’я і дзеці. Яны і ёсць каштоўнасць майго жыцця, – разважае Антон Апанасевіч.
Уражлівыя карціны мінулага не могуць не закрануць дзіцячую душу, не зарадзіць мару быць падобнымі да дзядоў і прадзедаў. Настаўнік вучыць нас любіць беларускую зямлю і рабіць дабро на яе карысць. А для гэтага трэба ведаць пра Беларусь і пра малую радзіму як мага больш.
Настасся Шумілава.
Фота аўтара і з архіва музея "Спадчына".
Comments