top of page
  • БЛОГ

24 мая – Дзень славянскага пісьменства і культуры

“Аз, Букі, Ведзі…”, – старанна выводзілі пяром нашы далёкія продкі-славяне. “Мама мыла раму”, – чытаюць сучасныя першакласнікі ў буквары. А вы ведаеце, што слова “буквар” прыдумалі менавіта беларусы? Пацверджанне гэтаму – “Беларускі буквар” (1618 год), які захаваўся толькі ў двух асобніках у Лондане і Капенгагене.

Аб тым, як змянялася беларуская кніга, расказвае музейная экспазіцыя “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”. За два гады арганізатары выставы - Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі - сабралі і перавялі ў лічбавы фармат каля дзвюх тысяч выданняў! Частка з іх – гэта факсімільныя копіі, а, пачынаючы с 1811 года, – арыгіналы. Некаторыя даволі рэдкія, напрыклад, падручнік па айчыннай гісторыі “Разсказы на белорусском наречіи” (Вільна,1863 год).


Каля кожнага экспаната размешчаны QR-код. Ці маглі ўявіць беларускія асветнікі і пісьменнікі, што калісьці нават школьнік зможа навесці камеру тэлефона на гэты мудрагелісты ўзор – і, калі ласка, гартай электронныя старонкі? Зразумела, не. Аднак у кожнай эпосе былі свае вынаходніцтвы. Напрыклад, пісалі на васковых дошках. Вам гэта нічога не нагадвае? Ну, канешне, сучасны планшэт!


Самая старажытная кніга, якую можна пабачыць у музейнай экспазіцыі – “Тураўскае Евангелле” XI стагоддзя. У гэты час Тураў быў адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў старажытнай Беларусі. Менавіта тут у пачатку XII стагоддзя нарадзіўся прапаведнік і пісьменнік Кірыла Тураўскі, якога сучаснікі называлі Залатавустам. Ён пакінуў пасля сябе вялізную літаратурную спадчыну, выказаў важныя для чалавека ідэі аптымізму, асветніцтва, чалавекалюбства. Свяціцелю ўстаноўлены помнікі ў Мінску, Тураве і Гомелі.

Цікавасць выклікае і “Полацкае Евангелле” XII стагоддзя. Магчыма, да яго стварэння мае дачыненне Еўфрасіння Полацкая, унучка знакамітага князя Ўсяслава Чарадзея. Першая асветніца беларускай зямлі нарадзілася ў Полацку. Гісторыкі сцвярджаюць, што яна была вельмі прыгожай, і да яе прыязджалі сваты з іншых дзяржаў. Але дзяўчына адмовілася ад шлюбу і прыняла пострыг. Яе першае імя Прадслава змянілася на Еўфрасіння. Усё жыццё жанчына прысвяціла царкоўнай дзейнасці. Больш за ўсё асветніца любіла і шанавала кнігі, перапісвала іх, магчыма, займалася перакладам літаратуры і сама пісала летапіс. Яна заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія потым зрабіліся цэнтрамі асветніцтва.

Па замове Еўфрасінні Полацкай палачанін Лазар Богша зрабіў крыж, і гэтая рэліквія стала помнікам старабеларускай пісьменнасці. Праваслаўная царква далучыла першую асветніцу беларускай зямлі да ліку святых. Яна ўнесла вялікі ўклад у духоўны свет беларускага народа. Спасаўская царква полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра адчынена для пакланення мошчам святой Еўфрасінні.

Увагу наведвальнікаў прыцягваюць копіі кніг, які выдаў Францыск Скарына. Ён з’яўляецца першадрукаром не толькі ў Беларусі, але і ва ўсіх усходнеславянскіх краінах. Нарадзіўся ў Полацку. У Празе ў 1517 годзе надрукаваў “Псалтыр”. За тры гады асветнік выдаў там 23 кнігі Бібліі ў сваім перакладзе на беларускую мову. А потым заснаваў у Вільні першую друкарню. Францыск Скарына сваім прыкладам паказаў, як трэба любіць свой народ і шанаваць матчыну мову. У адной з прадмоў Скарына выказаўся як узнёслы патрыёт сваёй зямлі: “...звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае, птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, адчуваюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае. Гэтак жа і людзі, – дзе нарадзіліся, да таго месца і вялікую ласку маюць”.

Кніга з’яўляецца гісторыка-культурным сімвалам нашай краіны, крыніцай ведаў, аб’ектам гісторыі і захавання памяці аб мінулым.


Марыя Андрэева.

bottom of page