top of page
  • БЛОГ

Усім сэрцам палюбіць выцінанку

Асвятленне тухне, на імгненне становіцца цёмна, але экран тут жа ўспыхвае яркім белым святлом, і прама на нашых вачах нараджаюцца маленькія гісторыі з жыцця беларускага народа.

Нават не верыцца, што гэтыя міні-мультфільмы стварылі дзеці. Навучэнцы ўзорнай студыі «Народныя крыніцы» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» і іх педагог Вольга Маслава вырашылі злучыць беларускую выцінанку з тэатрам ценяў. У выніку з’явіўся праект «Моўныя залацінкі», за рэалізацыю якога калектыў студыі быў узнагароджаны дыпломам другой ступені на II Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый».


Падчас Рэспубліканскага фестывалю «Нашчадкі традыцый»


– Знаёмства з тэатрам ценяў пачалося з вывучэння гісторыі і наяўных матэрыялаў. Вельмі спадабаліся мультфільмы, створаныя на студыі «Беларусьфільм» рэжысёрам і сцэнарыстам Міхасём Тумелем. Мы вырашылі стварыць нешта падобнае. Сюжэтам для нашай пастаноўкі паслужылі прыказкі і прымаўкі, якія захоўваюць у сабе мудрасць нашага народа, – успамінаюць навучэнцы студыі.

Ксенія Лях працуе над праектам «Моўныя залацінкі»


На працягу некалькіх месяцаў хлопчыкі і дзяўчынкі выразалі з паперы дэталі і дэкарацыі, укладваючы ў кожную з іх цяпло сваіх рук. Але самае складанае было яшчэ наперадзе – трэба было навучыцца кіраваць фігуркамі.

Вераніка Юхнавец І Варвара Князева


Мультфільмы створаны з вобразаў, сімвалічных для беларускага фальклору: дуб увасабляе сілу і мужнасць, колас – дастатак і дабрабыт, птушка – вясну і любоў. Ад сонца залежыў будучы ўраджай, багацце траў і раслін, шчаслівае жыццё людзей.

– Немагчыма апісаць усю магічную сілу тэатра ценяў, можна толькі пагрузіцца ў гэты дзіўны свет гульні святла і цені і растварыцца ў мудрагелістых вобразах, – кажа педагог Вольга Маслава.

Гэта не першы інтэграваны праект, у якім дзеці злучаюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з тэатрам. Два гады таму калектыў быў таксама узнагароджаны на такім фестывалі. Тады яны аформілі батлейку і стварылі для яе лялькі ў тэхніцы «выцінанка». Да праекта далучыліся навучэнцы тэатральнай студыі «Казка», якія падрыхтавалі батлеечны спектакль, тым самым падараваўшы жыццё папяровым персанажам.

Члены студыі «Народныя крыніцы» паспяхова асвойваюць і іншы від беларускага народнага мастацтва – саломапляценне, вучацца рабіць з «непаслухмянай» далікатнай саломы падатлівы матэрыял для сваіх будучых шэдэўраў. А для гэтага салому трэба ачысціць, адпарыць, адбяліць, адпрасаваць... І толькі потым з’яўляюцца карціны, арыгінальныя кветкі, шкатулкі, фігуркі жывёл, якія золатам пераліваюцца на сонцы. Адна з першых работ калектыву – саламяны павук – нават здзейсніў падарожжа ў Маскву і зараз па славянскай традыцыі засцерагае музей капітал-шоу «Поле цудаў».

Сёлета ўзорная студыя «Народныя крыніцы» адзначае 20-гадовы юбілей. На свяце навучэнцы, іх бацькі, былыя выпускнікі ўспомнілі самыя яркія моманты з жыцця калектыву і значныя перамогі. А іх сапраўды нямала, напрыклад, за апошні год скарбонка гуртка папоўнілася 50 дыпломамі міжнароднага ўзроўню.

Святочнае мерапрыемства


У адрас педагога, сябра Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, прагучала шмат цёплых слоў падзякі за рознабаковае развіццё дзяцей і далучэнне іх да народных традыцый і нацыянальнай культуры.

– Я прыйшла у гурток, калі была зусім маленькай, і ўсім сэрцам палюбіла выцінанку, – гаворыць выпускніца студыі Вераніка Юхнавец. – Мастацтва стала неад’емнай часткай майго жыцця, і ў гэтым, безумоўна, заслуга Вольгі Юр’еўны. Яна старалася вырасціць з нас не толькі выдатных майстроў, але і справядлівых людзей. Гэты чалавек назаўжды застанецца для мяне прыкладам таленту, культуры і апантанасці.


Кацярына Сушко.

Фота з архіва студыі «Народныя крыніцы».

bottom of page