Узоры з асаблівым сэнсам
- БЛОГ
- 6 февр. 2020 г.
- 2 мин. чтения
Обновлено: 3 мая 2021 г.
– Мама, паглядзі, якую сурвэтку я выразала! – дзяўчынка з захапленнем разгарнула ўпрыгожванне з паперы.
Адгрымелі салюты перамогі. Нарэшце мірнае і яркае сонца завітала ў чыста вымытае акенца. Маленькая Вікторыя і яе мама захацелі не толькі навесці парадак у доме, але і падняць настрой, упрыгожыўшы хату. Прайшло пару гадзін… і вось яно! На вокнах з’явіліся беласнежныя карункі. Малую гэта натхніла настолькі, што далей яна тварыла цуды сама.
У Вікторыі з самага дзяцінства была цікавасць да творчасці. Усіх сваіх лялек яна зрабіла сваімі рукамі. Народны майстар Беларусі Вікторыя Чырвонцава пранесла дзіцячыя захапленні праз усё сваё жыццё.

Вікторыю Мікітаўну лічаць пачынальнікам маладзечанскай школы выцінанкі. Гэты забыты беларусамі від дэкаратыўна-прыкладной творчасці яна адраджала спачатку ў мастацкай школе, затым калі была выкладчыцай і загадчыцай аддзялення ДПМ Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

Выцінанка сама па сабе вельмі выразная. Калі складваеш паперу і выразаеш на ёй узор, ніколі да канца не ведаеш, якім будзе вынік. Момант раскрыцця таго, што атрымалася, – заўсёды нейкая таямніца, сюрпрыз. Гэта не толькі прыгожа – кожны значок мае свой пэўны сэнс і значэнне.

– Аказваецца, гэты від народнай творчасці беларусаў прыйшоў да нас з Заходняй Еўропы. Спачатку выцінанка з'яўлялася досыць вялікай раскошай, ёю захапляліся толькі багатыя. Паступова папера станавілася больш даступным матэрыялам, і выразаннем узораў пачалі займацца простыя людзі, – распавядае дачка майстрыхі Лізавета Чырвонцава, якая таксама працуе выкладчыцай Маладзечанскага музычнага каледжа.

Некалькі гадоў таму ў Маладзечне прайшоў міжнародны сімпозіум па мастацкім выразанні з паперы, які сабраў гасцей з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі. Арганізатары прысвяцілі форум памяці вядомай беларускай майстрыхі Вікторыі Чырвонцавай. Сёлета ў горадзе пройдзе другі міжнародны сімпозіўм, у якім прымуць удзел не толькі майстры, але і мастакі, мастацтвазнаўцы, аспіранты.
Жыццё і дзейнасць нашай зямлячкі – гэта прыклад адраджэння, захавання i развiцця народных мастацкіх рамёстваў, пераемнасцi культурных традыцый розных пакаленняў. Вікторыя Мікітаўна ўсё сваё жыццё аддала выкладанню і творчасці, пакінула пасля сябе таленавітых вучняў, якія цяпер з'яўляюцца знакамітымі майстрамі. Гэта член Саюза майстроў Людміла Валковіч-Борыс, народныя майстры Беларусі Вольга Бабурына, Наталля Сухая і многія іншыя. Сямейную дынастыю Чырвонцавых прадоўжылі дзве дачкі і ўнучкі. І цяпер ужо яны чуюць: “Мама, паглядзі, якую выцінанку я выразала!”
Кацярына Квачонак.
Фота з сямейнага архіва Чырвонцавых.
Comentarios