top of page
  • БЛОГ

Святлана Сарока: «Умець пражываць кожную хвілінку свайго жыцця»

Дырэктар Палаца культуры г.Маладзечна Святлана Сарока невыпадкова стала гераіняй сустрэчы з маладзечанскімі піянерамі. Яна на працягу пяці гадоў узначальвала Мінскую абласную грамадскую арганізацыю «Беларускі саюз жанчын», з’яўляецца членам савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.



Жанчына шчыра ўсміхаецца і з задавальненнем пачынае дыялог з падлеткамі.

– Цікава, пра што Вы марылі ў юнацтве?

– Самай яркай была мара пра фігурнае катанне. Тата сваімі рукамі змайстраваў мне драўляныя канькі. Да гэтага часу памятаю, як балюча было падаць, і як радавалася, калі ў мяне нешта атрымлівалася. Я ўвесь час глядзела спаборніцтвы і выступленні па тэлевізары, які быў ледзь не адзіным на ўсю вёску. Ведала ўсе пары і сольных фігурыстаў, але маім кумірам заўсёды была Ірына Радніна. Праз гады лёс падарыў мне магчымасць сустрэцца з ёй. Я працавала з Ірынай у Міжпарламенцкай Асамблеі ЕўрАзЭС. Гэты вопыт быў незабыўны.

– Раскажыце пра Ваш удзел у дабрачынным праекце «Red Dress».

– Там было шмат прыгожых жанчын у чырвоных сукенках. Чаму? Гэта колер любові да блізкіх, колер дапамогі. Сэнс акцыі заключаецца ў зборы сродкаў для дзяцей, якія маюць праблемы з сэрцам.


– Ці ёсць у Вас асабісты сакрэт поспеху?

– Ёсць, і нават некалькі. Па-першае, асабісты выбар. Ніхто лепш за вас не ведае вашых магчымасцяў, мэтаў, поглядаў. Таму толькі вам вырашаць, кім быць. Вам жыць – і вам выбіраць.

Другое – гэта планаванне. Калі вы правільна размяркуеце свае сілы і здольнасці, то паспееце нават больш, чым можаце сабе ўявіць. Нездарма ўсе вялікія людзі вялі штодзённікі.

І, нарэшце, час. Трэба ўмець пражываць кожную хвілінку свайго жыцця. Калі ты сапраўды паспяховы, ты адчуваеш кожнае імгненне. Час – гэта тое, што я шаную.

Яшчэ адзін з сакрэтаў заключаецца ў добрым настроі – спадарожніку поспеху, упэўненасці і перамогі. Беручыся за справу, вы павінны ўсміхацца. Так вы абавязкова дасягнеце жаданага.

– А калі ў апошні раз Вы смяяліся ад душы і чаму?

– Я вельмі люблю гумар. Ён проста незаменны ў нашым жыцці. Ад душы смяялася на днях з-за свайго маленькага ўнука, ад яго фраз, размовы і пазнання навакольнага свету. А як ён просіць шакалад! Гэта такая забава.

– Чым любіце займацца ў вольны час?

– Вельмі люблю чытаць. Да прыкладу, калісьці мяне ўразіла кніга Дэйла Карнэгі пра ўзаемаадносіны ў калектыве. Раіла б усім зазірнуць у яе. Але з яшчэ большым задавальненнем я чытаю беларускую літаратуру. Гэта велізарнае поле фантазій, калодзеж невычэрпных ведаў. Падабаецца вязаць кручком і пруткамі, разгадваць крыжаванкі і рэбусы. Аднак больш за ўсё я люблю праводзіць час са сваёй сям’ёй.

– Святлана Рыгораўна, Вы ўжо шмат чаго дасягнулі, вам ёсць чым ганарыцца, але ўсё ж, можа, засталіся яшчэ нейкія мары?

– Немагчыма дасягнуць такой вяршыні, каб не было куды расці. Нам заўсёды трэба станавіцца лепш, удасканальвацца. Узяўшыся за справу, мы павінны цвёрда ведаць, за што канкрэтна бяромся і на што ідзем. І ўсё ж, не марыць немагчыма.


Яна Акімава.

Фота з архіва ЦТДзіМ "Маладзік".

bottom of page