top of page
  • БЛОГ

Сем цудаў Маладзечаншчыны

Сем цудаў свету, сем смяротных грахоў, колераў вясёлкі, дзён тыдня, нот... З даўніх часоў лік «7» у славян быў сімвалічным. Ён часта сустракаецца ў беларускіх казках і прыказках як светлы і магічны лік. Народная традыцыя звязвае сямёрку са святасцю, здароўем і розумам. Напэўна, адсюль «быць на сёмым небе ад шчасця» і «сем разоў адмерай, а раз адрэж».

Свае сем цудаў ёсць і на Маладзечаншчыне – адметныя славутасці нашай малой радзімы, якія шануюць і якімі ганарацца землякі.

Гасцей, што прыязджаюць у Маладзечна з боку сталіцы, вітае вялікая статуя Багародзіцы, адлітая ў бронзе. Я чула, што фрэску з выявай Багародзіцы выпадкова знайшлі ў Свята-Пакроўскай царкве пад тоўстым пластом тынкоўкі падчас рэстаўрацыі. Гэты вобраз заступніцы нашага краю вырашылі ўвекавечыць у выяве герба Маладзечна.

З Божай Маці звязана і легенда, якую ведаюць усе жыхары вёскі Груздава. Сама назва населенага пункта пайшла ад старажытнага слова «груз», якое азначае «разваліны», «руіны». Шмат бітваў перажыла гэтая невялікая вёсачка, у тым ліку і феадальную вайну 1432-1434 гадоў. Гісторыкі пішуць, што войскі двух ворагаў, князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта, сышліся каля Груздава ў жорсткай бітве. Былі тысячы забітых і параненых, а зямля цалкам пакрылася крывёю, таму з таго часу яе называюць «чырвонай». На наступны дзень пасля страшных падзей мясцовыя жыхары прыйшлі, каб пахаваць загінуўшых. Сярод целаў заўважылі аднаго рыцара, які моцна сціскаў у руках ікону Божай Маці. Людзі спрабавалі дастаць абраз з яго пальцаў, аднак дарэмна. Вось тады яны і заўважылі ледзь улоўнае цяпло рук. Ікона Божай маці не толькі вярнула да жыцця смаленскага князя Андрэя Саковіча, але і вырашыла зыход бітвы.

…Войскі Свідрыгайлы цярпелі паражэнне. Раптам князь Андрэй Саковіч пачуў голас Царыцы Нябеснай і пабачыў цудадзейную ікону. Голас Багародзіцы параіў: «Не кідай войска. Дай загад сваім воям, і вы пераможаце». Перш чым страціць прытомнасць, цяжкапаранены смаленскі князь паспеў аддаць такі загад. І прадказанне спраўдзілася. У знак вялікай падзякі князь Андрэй пабудаваў зруб царквы і паставіў на тым самым месцы, дзе яго знайшлі жыхары вёскі.

Я стаю ля Груздаўскай іконы Божай Маці са свечкай у руцэ і паўтараю малітву, якую навучыла бабуля. Праваслаўным вернікам удалося выратаваць і захаваць абраз да нашых дзён. Кажуць, яна міраточыць, і ў Груздава прыязджаюць паломнікі з розных краін, каб пакланіцца іконе і папрасіць у яе аб дапамозе.


Унікальную рэліквію ХV стагоддзя можна ўбачыць у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Пояс Вітаўта быў знойдзены ў час раскопак каля вёскі Літва. Паводле легенды, сярэбраны пакрыты золатам пояс быў падораны вялікаму князю літоўскаму Вітаўту крымскім ханам Хаджы Гераем у знак дружбы. Лічыцца, што пояс ахоўвае ад вядзьмарства і хвароб, але толькі калі валодаць ім па праву. Калі ж завалодаць поясам несумленным шляхам, яго ўладальніка чакае праклён. Так гэта ці не, але вялікакняскі сімвал прынёс нямала бед. Вітаўт падарыў пояс свайму ўнуку Васілю, але пазней яго скралі. Гэты крадзеж стаў пачаткам міжусобнай вайны, у выніку якой князь Васіль ІІ аслеп і атрымаў мянушку Васіль Цёмны. Калі бачыш перад сабой «нямога сведку» гістарычных падзей пяцівекавой даўніны, адчуваеш непарыўную сувязь з лёсам далёкіх продкаў, вялікіх і слаўных людзей беларускай зямлі.

У цэнтры вёскі Беніца ўражвае сваёй прыгажосцю і веліччу Траецкі касцёл, якому больш за 300 гадоў. Чула, што гэтае збудаванне не саступае індыйскім храмам па даўжыні гукаў. Сюды не раз прыязджалі Міхал Агінскі, Напалеон Орда, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч... Месца пабудовы храма ў стылі позняга барока выбрана не выпадкова. Паводле легенды, уладальнік гэтых земляў, вяльможны саноўнік Вялікага Княства Літоўскага Міхаіл Коцел, ехаў з сям’ёй у Ашмяны. Калі маленькая дачка засталася адна ў павозцы, коні, спалохаўшыся нейкіх гукаў, панесліся наперад. Дзяўчынка была на валасок ад смерці. У роспачы бацька кінуўся на калені, шукаючы выратаванне ў малітве да Божай Маці. Вышэйшыя сілы былі да яго добразычлівыя, і на тым месцы, дзе спыніліся коні, мецэнат пабудаваў храм у гонар выратавання сваёй дачкі.

А цяпер завітаем у вёску Лешна, дзе ёсць гідралагічны помнік прыроды «Крыніца Лешна». Цікавы той факт, што цудоўная крыніца згадваецца яшчэ ў 1907 годзе ў газеце «Наша ніва». Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што старажытная крыніца цячэ на тым месцы, дзе з’явілася аблічча Божай Маці. У часы савецкай улады святое месца засыпалі зямлёй. Але вада ўсё роўна прабілася наверх, стаўшы сімвалам нязгаснай веры. З тых часоў сцяжынка, якая вядзе да «жывой вады», не зарастае. Сюды прыходзяць людзі, каб набрацца сілы і здароўя. Штогод на дзясятым тыдні пасля Вялікадня ля крынічкі праходзіць малебен.

У лік сямі цудаў Маладзечаншчыны трапіў яшчэ адзін прыродны аб’ект. Жыхары вёскі Талуі ганарацца тым, што менавіта на іх зямлі расце дрэва, роўнага якому няма ні ў Беларусі, ні ў суседніх краінах. Вяз, узрост якога даходзіць прыкладна да 600 гадоў, захоўвае ў памяці шматлікія войны, вялікіх князёў літоўскіх, гісторыю станаўлення і развіцця нашага краю. Ахоп ствала дрэва-чэмпіёна амаль сем метраў. Каля вяза б’юць дзве крыніцы, якім людзі здаўна прыпісваюць магічныя ўласцівасці. Нібы ў казцы, «жывая» вада ўмацоўвае здароўе, а «мёртвая» – дапамагае пры бяссонніцы.

На скрыжаванні дарог у ваколіцах вёскі Палачаны стаіць дзіўны камень у выглядзе крыжа, занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Аб мінулым помніка ходзіць мноства загадкавых і нават містычных легенд. Некаторыя лічаць, што гэты крыж пакінулі французы, якія пры адступленні закапалі золата і адзначылі гэта месца каменем. Але з тых часоў камень-крыж не аднойчы паспелі перанесці, так што пра яго першапачатковае знаходжанне ніхто ўжо ўспомніць не можа. Мясцовыя жыхары ўсё ж вераць у цудадзейную сілу гэтага каменя і звяртаюцца да яго па дапамогу ў складанай жыццёвай сітуацыі. Іншая версія бярэ свой пачатак з тых часоў, калі людзей хавалі ў любімым месцы на сваёй зямлі. Магчыма, камень-крыж – гэта помнік на нейкай самотнай магіле. На камені высечана некалькі буйных літар. Хутчэй за ўсё, там напісана прозвішча Траскевіч, бо род Траскевічаў даволі вядомы ў нашым краі. Так гэта ці не? Застаецца толькі верыць паданням роднага краю.

Легенды, якія праходзяць скрозь стагоддзі, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, блукаюць па вузкіх вулачках гарадоў, вёсак і робяць іх асаблівымі. Зазірнуўшы адным вокам за таямнічыя дзверы гісторыі, адчуваеш, як цябе ахутвае атмасфера мінулага. Па целе прабягае лёгкая дрыготка пры думцы аб тым, што ў гэтым самым месцы, такім знаёмым і звыклым для цябе, аднойчы адбываліся неверагодныя падзеі. Ты ніколі не зможаш праверыць, ці так усё было, як распавядаюць людзі, бо з таго моманту ўжо прайшло не адно стагоддзе. Але дзесьці глыбока ўнутры ты адчуваеш гэта месца, яго гісторыю, і лёсы людзей гучным звонам аддаюцца ў тваёй душы, не пакідаючы ні кроплі сумненняў у сапраўднасці міфа ці легенды. У гэтым і ёсць пэўны сэнс, ці не так?


Ірына Сліжэўская.

bottom of page