top of page
  • БЛОГ

«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…»

Гэтыя радкі Янкі Купалы ведае кожны школьнік. Нам, жыхарам Маладзечаншчыны, у спадчыну засталася не толькі багатая творчасць земляка, але і дом, у якім роўна 140 гадоў таму нарадзіўся будучы паэт.

Напярэдадні дня нараджэння беларускага песняра навучэнцы Маладзечанскага

цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» наведалі філіял літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы.

Мяркуючы па захаваных дакументах, Іван Луцэвіч нарадзіўся ў збяднелай сям’і шляхціца, хрысцілі хлопчыка ў касцёле ў Радашковічах. Яго бацькі жылі і працавалі на землях пана Замбржыцкага.

Сам домік і яго абстаноўка ўнутры (старая мэбля, посуд, прылады працы) дапамагаюць уявіць, як жылося сям’і ў той час. Венскае крэсла і старое люстэрка перадалі ў музей родныя Янкі Купалы. З тых часоў захавалася і белая мураваная печ. Яна іграла вялікую ролю ў жыцці людзей. На ёй гатавалі ежу, зімой наверсе спалі дзеці, а ў падпеччы трымалі курэй. Тут жа сушылі травы, каўбасы, часнок.

Калыску для немаўляці рабілі самі і падвешвалі на спецыяльныя каромыслы, каб яна качалася. Бацькі ў той час былі вельмі занятыя, але і кемлівыя. Таму, каб дзіцятка магло вучыцца хадзіць самастойна, яны прыдумалі цікавую прыладу – хадунок.

А замест праса выкарыстоўвалі прыладу «авалак і качалка». Яшчэ нашу ўвагу прыцягнуў папярэднік сучаснага ланч бокса – два гліняных збанка, злучаных адной ручкай, каб дзецям было зручней несці абед бацьку ў поле.

Пасля экскурсіі наведвальнікам адкрываецца маляўнічы пейзаж Вязынкі. Недалёка ад хаткі, сярод травы і рамонкаў, старадаўні калодзеж-журавель, якім карысталіся яшчэ нашы далёкія продкі.

Над азярцом навісае вялікае разгалістае дрэва, а па вадзе павольна плывуць качаняты. Выдатнае месца, каб пасядзець на беразе са зборнікам вершаў у руках пад ціхі шэпт ветру і клекатанне бусла.

У Вязынцы Янка Купала пражыў толькі год, але пасля яго жонка, якая любіла прыязджаць сюды, ініцыіравала адкрыццё філіяла музея. Штогод 7 ліпеня тут святкуюць дзень нараджэння паэта, прыязджаюць сваякі, музыканты, рамеснікі, студэнты... Сёлета супрацоўнікі музея запрашаюць усіх жадаючых наведаць свята, прысвечанае юбілею нашага знакамітага земляка. Прыязджайце разам з роднымі ў Вязынку, каб на свае вочы ўбачыць прыгажосць вёскі і аддаць даніну памяці вялікаму песняру зямлі беларускай.


Кацярына Сушко.

Фота аўтара.

bottom of page