У руцэ пэндзаль... Перад вачыма пейзажы зімовага Маладзечна. На дахах старэнькіх хат маляўніча ляжыць сняжок. Па замёрзлай скарыначцы снегу іранічна гуляюць першыя праменьчыкі сонца, што прабіліся скрозь шчыльныя аблокі. Вакол ціха-ціха, і толькі чуваць біццё ўласнага сэрца...
– Больш за ўсё люблю маляваць краявіды, – задуменна распавядае Рыгор Мяжуеў. – Мяне папракаюць, чаго партрэты не малюю. А я ўсё краявіды...
Вядомы мастак, сябар Беларускага саюза мастакоў, выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў горада Маладзечна закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Але зразумеў, што хоча прысвяціць жывапісу ўсё сваё жыццё значна раней. Неяк у дзяцінстве ён паставіў сабе мэту напісаць за час канікул сто пейзажаў акварэллю. I напісаў. З таго часу з пэндзлем не расстаецца.
Мастак... Што гэта за чалавек? Якім ён павінен быць, каб насіць званне творцы з высока паднятай галавой? Мастаком нараджаюцца або становяцца? Рыгор Васільевіч адказвае адназначна: нараджаюцца. Напэўна, так яно і ёсць. Добра навучыцца маляваць можна, але хіба тое, што мы называем "карцінай", толькі навык? Не. Нешта цячэ па тваіх венах з самага нараджэння і дазваляе тварыць неверагодныя рэчы пры дапамозе паперы, пэндзля і фарбаў.
– Што натхняе? – задумваецца мастак. – Вяртанне нашых традыцый, вясковы побыт, былыя фальваркі і старыя замкі, адметныя краявіды, паэтычныя радкі з вершаў.
Сапраўды, творы Мяжаева прасякнуты сыноўняй любоўю да роднай зямлі. Ён часта адлюстроўвае куточкі маладзечанскага краю. Гэта і "Адліга", і "Хутар Конавічы", і "Ракуцёўшчына", звязаная з імем Максіма Багдановіча. Ёсць працы, прысвечаныя Купалаўскім мясцінам: "Вязынка", "Яхімоўшчына", "Радашковічы" з адлюстраваннем касцёла, дзе хрысцілі Янку Купалу. Дванаццаць твораў Рыгора Мяжуева можна ўбачыць у Мінскім абласным краязнаўчым музеі, астатнія – на шматлікіх выставах (іх было больш за 120), што ладзяцца ў нашым горадзе і сталіцы.
Калі пытаешся ў мастака, ці задаволены сваімі вынікамі, ён адказвае хутка і ўпэўнена:
– Не! А то як жа? Калі задаволены, атрымліваецца, стаіш на месцы, а гэтага ніяк нельга дапусціць. Як гаворыцца, няма мяжы дасканаласці.
Шчасце для кожнага сваё. Мой суразмоўца адказаў на гэтае пытанне так:
– Калі паглядзець з пункту гледжання звычайнага чалавека – гэта сям'я, родныя і блізкія людзі. Для мастака – несці святло праз свае працы, гэтак сама, як і паэт, клікаць да ўсведамлення чалавекам свайго месца ў жыцці. А для педагога шчасце – калі поспехі тваіх вучняў лепш за твае.
Рыгор Васільевіч ганарыцца сваімі навучэнцамі, сынам, які пайшоў па слядах бацькі. Прадстаўнікам маладога пакалення ён жадае быць свабоднымі ад чужога меркавання, ад навязаных стэрэатыпаў. Быць сабой, індывідуальнымі, нягледзячы ні на што, памятаць свае карані і родную мову, бо гэта частка нас саміх.
У руцэ пэндзаль... Затаіўшы дыханне, ён праходзіць па беламу аркушы паперы. Затым зноў. І зноў. І здаецца, быццам творыць сама сутнасць, душа. Душа, што знаходзіць свой пачатак на малой радзіме.
Ірына Сліжэўская.
Фота з архіва Рыгора Мяжуева.
Comments