Менавіта так сталі называць Кацю Канючэнка ў Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» пасля яе перамогі ў аднайменным конкурсе.
Калі Каця была зусім маленькай, бабуля вадзіла яе ў тэатр лялек “Батлейка”. Там дзяўчынка імкнулася любымі спосабамі залезці на сцэну. Бабуля яшчэ тады зразумела і не памылілася: у сям’і расце будучая артыстка. Цяпер шасцігадовая Каця Канючэнка спявае, танцуе, іграе на музычных інструментах, малюе і займаецца рукадзеллем.
Любімае захапленне Каці – спевы. Яна напявае ўсюды: дома перад люстэркам, у душы, у аўтобусе. Нават падчас нашага інтэрв’ю яна не ўтрымалася і заспявала сваю любімую песню “Модніца”.
– Гэта пра мяне! Я люблю апранаць мамчыны туфлі і пацеркі, прымяраць панчошкі, ярка фарбаваць вусны і вейкі, – распавядае дзяўчынка.
Сёлета Кацюша перамогла ў раённым конкурсе “Капітошка”, прадставіўшы на суд журы песню “Такса”. Дарэчы, дзяўчынка любіць сабак і з задавальненнем гуляе з хатнім гадаванцам Кайсай. Пераможца атрымала мноства падарункавых сертыфікатаў і двума з іх ужо скарысталася: падраўняла валасы ў салоне прыгажосці і наведала канцэрт.
Педагог па вакале Ірына Канановіч прапанавала развучыць песню “Кацюша”, якая не толькі звязана з яе імем, але і актуальная сёння ў сувязі з юбілеем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нягледзячы на свой юны ўзрост, дзяўчынка ўжо мае ўяўленне пра тое, што такое вайна. Аб гэтым ёй распавядае дзядуля, і яны разам глядзяць ваенныя фільмы.
Любоў да музыкі не абмяжоўваецца толькі спевамі. Каця з радасцю бярэ ўрокі ігры на фартэпіяна, а дома замацоўвае вывучанае на сінтэзатары. Іграючы на інструменце, дзяўчынка не можа абысціся без Бетховена, прычым у прамым сэнсе: менавіта на яго тоўстыя зборнікі твораў яна садзіцца, каб дацягнуцца да клавішаў.
– А яшчэ я мару навучыцца граць на гітары, – усклікае Каця.
У малой хапае часу і цярпення для іншых захапленняў, напрыклад, валяння з воўны. Нядаўна дзяўчынка зрабіла бегемоціка-спартсмена для конкурсу “Ідзі за марай”, прысвечанага ІІ Еўрапейскім гульням.
Сёлета Каця пойдзе ў школу. Хай яна будзе стараннай і руплівай вучаніцай і працягне развіваць свае таленты.
Кацярына Квачонак.
Фота аўтара.
Comments