Што для вас малая радзіма? Гэта асобны свет, такі родны і знаёмы. Гэта маленькі ўтульны куток, дзе табе добра і цёпла, нягледзячы на надвор’е за акном. Гэта свае славутасці, звычаі, адметная атмасфера. Тут кожны мае сваё месца і значэнне. Тут я адчуваю сябе асаблівай, часткай гэтага маленькага свету. Бо малая радзіма – гэта людзі, якія жывуць на ёй!
Дзякуючы рэспубліканскаму піянерскаму праекту «Сустрэчы на ўсе 100!», прысвечанаму Году малой радзімы, мне давялося бліжэй пазнаёміцца з нашым земляком, ганаровым грамадзянінам раёна, дырэктарам Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага Рыгорам Сарока.
Кавалер ордэна Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, уладальнік спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – гэта далёка не ўсё рэгаліі галоўнага героя сустрэчы.
Размова пачалася з цёплых успамінаў Рыгора Сямёнавіча пра дзяцінства. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Турэц-Баяры Маладзечанскага раёна. Бацька працаваў на чыгунцы, але вельмі любіў музыку і сам граў на многіх інструментах. А яшчэ ён вельмі добра шыў, і ў яго калісьці апранаўся вядомы кампазітар Юрый Антонаў.
Маці вырошчвала ў калгасе лён, які з’яўляецца гонарам і сімвалам Беларусі.
– У той час кіраўніком калгаса быў мудрэйшы чалавек, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Калачык. Слава пра гаспадарку звінела на ўсю краіну. І мая маці нават атрымала залаты медаль на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, – успамінае наш суразмоўца.
Па словах Рыгора Сямёнавіча, жыццё тады было вельмі цікавае. Дзеці шмат часу праводзілі на свежым паветры, займаліся спортам. У школе быў драматычны тэатр, у якім гралі настаўнікі і бацькі.
У сваёй вёсцы хлопчык скончыў толькі чатыры класы, у сямігодку даводзілася хадзіць пешшу па чатыры кіламетры кожны дзень, нягледзячы на снег і дождж, а потым ездзіць у горад, каб скончыць дзесяць класаў. Але, як кажа наш герой, вяршынь дасягаюць толькі працалюбівыя. З гэтым дэвізам ён і ішоў па жыцці. Давялося пераадолець мноства перашкод, перш чым стаць знакамітым дырыжорам сімфанічнага аркестра і дырэктарам музычнага каледжа, які ён узначальвае ўжо 38 гадоў.
Кіраўнік з гонарам кажа пра сваю ўстанову і яе дасягненні. Канцэртная зала каледжа лічыцца філіялам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Тут ужо пяты раз адбываецца форум маладых кампазітараў СНД, прыязджаюць нават з Якуцка, Барнаула, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кішынёва.
На 60-годдзе каледжа Мінскі аблвыканкам падарыў самы дарагі раяль «Стэйнвэй», які называюць «каралём усіх раяляў». Такога не мае ні адна навучальная ўстанова Беларусі. Для прэзентацыі інструмента сюды прыедзе знакаміты піяніст, прафесар Маскоўскай кансерваторыі Юрый Розум. Здзіўляюць размахам і іншыя задумкі: 100-годдзе Васіля Быкава адзначыць пастаноўкай оперы «Альпійская балада», наладзіць канцэрты ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў Санкт-Пецярбургу. А яшчэ ў красавіку гэтага года восем спевакоў оперных тэатраў свету будуць праходзіць у Маладзечне навучанне пад кіраўніцтвам знакамітага італьянскага педагога па вакале Паола Ды Напалі.
Большую частку жыцця прафесіянал сваёй справы прысвячае, безумоўна, музыцы.
– Музыка мае каласальнае ўздзеянне на нервовую сістэму чалавека. Выходзячы на сцэну, я заўсёды гавару слухачам, што сваёй музыкай працягну ім жыццё яшчэ на паўгода, – усміхаецца Рыгор Сямёнавіч.
Сапраўды, высакародная музыка нясе адчуванне прыгажосці, адкрывае нашу душу. Узвышаюцца думкі і пачуцці. Звычайна пасля праслухоўвання класічных твораў я адчуваю сябе акрыленай. Мне здаецца, Рыгора Сароку можна назваць сапраўдным чараўніком, які праз музыку дорыць цуда і неверагодныя пачуцці.
– Дырыжор патрэбны для таго, каб кветкі атрымаць! Усім жа не дадуць, – жартуе Рыгор Сямёнавіч. Але на самой справе праца дырыжора вельмі цяжкая і карпатлівая. Для таго, каб заставацца ў добрай фізічнай форме, Рыгор Сямёнавіч выконвае шэраг правіл: кожную раніцу трэба пачынаць з зарадкі, правільна харчавацца, як мага больш хадзіць пешшу і бываць на свежым паветры. У кватэры дырэктара каледжа ёсць нават турнік.
Нягледзячы на пастаянную занятасць, наш герой ніводнага дня не можа правесці без кнігі. У яго велізарная хатняя бібліятэка: Талстой, Чэхаў, Айтматаў, Бальзак, Салжаніцын, Шамякін... Падчас сустрэчы ён працытаваў радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая Зямля» і параіў школьнікам перачытаць гэты выдатны твор беларускага класіка. Рыгор Сямёнавіч згаджаецца з тым, што час не стаіць на месцы, але «кніга – гэта нешта фантастычнае», і яна не павінна замяняцца новымі тэхналогіямі. А які чароўны пах маюць старонкі кнігі! Такога мы дакладна не зможам адчуць праз камп’ютар або тэлефон.
«Мы ў адказе за тых, каго прыручылі», – сказаў вядомы пісьменнік. Па такім жа прынцыпе жыве і Рыгор Сарока. Калісьці ў яго быў сабака, пудзель, які пражыў 17 гадоў. Смерць лепшага сябра адбілася глыбокім болем у душы і ранай на сэрцы. Цяпер усю сваю любоў да братоў нашых меншых наш герой аддае бяздомным жывёлам, падкормлівае катоў і сабак, якіх сустракае на дачы і каля каледжа.
– Калі б я быў мільянерам, першае, што зрабіў – гэта прытулак для бяздомных жывёл, – прызнаецца Рыгор Сямёнавіч, і яго прыклад натхняе мяне на добрыя справы, прымушае задумацца, як зрабіць наш свет лепш.
Падчас сустрэчы Рыгор Сарока вучыў сучасных піянераў працавітасці, настойлівасці ў дасягненні мэты і любові да роднага краю: «Я аб’ехаў усю Еўропу, але дзе б я ні быў, больш за ўсё я люблю сваю беларускую прыроду. Для мяне няма мілей карціны, чым васількі ў жыце. Богам нам даравана такая прыгажосць, і адзінае, што застаецца, – гэта яе берагчы».
Асоба Рыгора Сямёнавіча Сарокі паўплывала на маё светаадчуванне. Яго размова з прадстаўнікамі падрастаючага пакалення – гэта прызнанне ў любові да знаёмых з маленства мясцін, імкненне захаваць спадчыну беларускага народа, яшчэ адзін крок да адраджэння роднай мовы і клопат пра будучыню нашчадкаў.
Ірына Сліжэўская.
Comments