top of page

Хто не падае, той не ўстае, а значыць не ідзе далей

БЛОГ

“Жыццё – гэта рынг, чарада перашкод; альбо пераможаш ты, альбо адолеюць цябе. І гэта звязана не толькі з боксам”, – лічыць 18-гадовы маладзечанскі баксёр і кандыдат у майстры спорту Паліна Субаткоўская.

Шмат каму з нас цяжка ўявіць далікатную дзяўчыну ў гэтым спорце. На што яна можа быць здольная? У яе сіл не хопіць! А нагрузка? Адразу з’яўляецца мноства пытанняў, але прыклад Паліны ставіць усё на свае месцы. За тры гады яна дамаглася таго, на што многім спартсменам спатрэбілася б шмат гадоў.



– З чаго пачалося тваё захапленне боксам?

– Калі я першы раз прыйшла ў залу, нават не магла ўявіць, што мяне зацягне. Абрала гэты спорт, бо ён загартоўвае мяне, робіць мацнейшай як фізічна, так і маральна. На рынг я выходзіла нават з траўмай нагі і тэмпературай 39 градусаў. Кожная трэніроўка – гэта крок да перамогі і дасягнення мэты. Мы робім гэта, у першую чаргу, для сябе. Цалкам аддаючыся, атрымліваеш вынік і станоўчыя эмоцыі.

– Як сябры і сваякі ставяцца да твайго выбару і дасягненняў?

– Калі я пачала займацца, мне ўсё казалі, што гэта глупства і ў мяне нічога не выйдзе. Бацькі стараліся падтрымліваць, але я ведала, што ў глыбіні душы яны былі супраць. У школе цікавіліся, адпускалі на трэніроўкі, ганарыліся перамогамі.

– Які з турніраў быў для цябе самы складаны і значны?

– Міжнародны турнір па ўшу памяці Дмітрыя Гвішыані ў студзені 2019 года. Я пачала рыхтавацца за чатыры месяцы, кожны дзень займалася па 6-7 гадзін. Акрамя гэтага трэба было скінуць вагу. Я практычна нічога не ела і за дзень да трэніроўкі страціла прытомнасць. Да таго ж вельмі нервавалася, бо там сабраліся самыя лепшыя спартсмены, а ў мяне не было сіл нават трымаць рукі. Але ў гэтым баі я выйграла накдаўнам – мой праціўнік датэрмінова зняўся з бою.



– Як ты лічыш, ці можна выхаваць характар ​​байца?

– З аднаго боку, характар, як і талент, у чалавека ад нараджэння. Але выхаваць байцоўскія якасці можна пастаяннай працай над сабой і дысцыплінай. Хто не падае, той не ўстае, а значыць не ідзе далей, і ўстаць трэба адразу ж. Так ва ўсім. У той жа час на рынгу я ніколі не забываю, што дзяўчына. На бой выходжу з акуратным макіяжам і прычоскай. Шкада, што ніхто не бачыць пад пальчаткамі мой манікюр (усміхаецца). У першую чаргу я дзяўчына і не павінна «звярэць». Трэба заўсёды заставацца жаноцкай, нават у спорце.

– Ці ёсць у тваім жыцці яшчэ што-небудзь акрамя бокса?

– У дзяцінстве малявала, займалася плаваннем, спартыўнай гімнастыкай. Люблю чытаць. Цяпер асноўным захапленнем стаў макіяж. Па прафесіі я бравіст-візажыст. І гэтая праца з’яўляецца крыніцай вялізнага натхнення і матывацыі.

– Раскажы пра свае бліжэйшыя планы.

– Максімальна павысіць свой узровень у індустрыі прыгажосці, а яшчэ напісаць кнігу пра жыццё, пра тое, як дасягнуць сваіх мэтаў. Што тычыцца спорту, цяпер старанна рыхтуюся да Чэмпіянату Еўропы па ўшу ў Маскве, які пройдзе ў красавіку 2020 года.

–Па якіх прынцыпах ты жывеш?

– Цалкам аддавацца сваёй справе. Прыкладам для мяне з’яўляецца Мухамед Алі. Калі трэба было зрабіць 50 адцісканняў, ён не лічыў, а рабіў іх да таго часу, пакуль яму не станавілася балюча, і толькі тады пачынаў адлік. Я заўсёды імкнуся прытрымлівацца гэтага правіла.

– Якія парады ты хацела б даць чытачам?

– Галоўнае – паставіць мэту і імкнуцца да яе ажыццяўлення. Напішыце сабе план дзеянняў, але памятайце, што запасны варыянт, як сказаў Арнольд Шварцнеггер, негатыўна адбіваецца на выніку. Навучыцеся сябе дысцыплінаваць у кожным сваім дзеянні і ўчынку. Устаньце з канапы, перамажыце сябе і сваю ляноту, выйдзіце і зрабіце тое, што дробнымі крокамі прывядзе да мары. Толькі тыя, хто працуе да апошняга, у канчатковым выніку будуць узнагароджаныя жыццём.

Катярына Акушка.

Фота з архіва Паліны Субаткоўскай.

Comments


bottom of page