top of page
  • БЛОГ

Плата за працу — шчырыя ўсмешкі

Уступіць у Маладзёжны парламент роднага горада і стаць яго старшынёй, арганізаваць каманду і разам з ёй запусціць мноства праектаў, пабываць на сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады, асвоіць тонкасці работы валанцёра, стажыравацца ў дзіцячым фондзе ААН ЮНІСЕФ, працаваць аператарам, мантажорам, SММ-спецыялістам і здолець зрабіць гэта ўсяго за два гады. Спіс здаецца нерэальным. Але маладзечанскі падлетак Нгуен Ба Куанг Ле змог дасягнуць пастаўленых мэт і разам з творчай моладдзю падымае валанцёрскую «цаліну» Беларусі.

Шлях Ле ў сацыяльную сферу пачаўся з уступлення ў Маладзёжны парламент:

– Аднойчы ад сяброўкі даведаўся аб тым, што ў нашым горадзе ёсць група хлопчыкаў і дзяўчынак, якія імкнуцца зрабіць свой уклад у развіцце грамадства. Я падумаў, што мог бы прапанаваць шмат ідэй і зрабіць гэты рух больш актыўным.

Яго ініцыятывы аднагодкі ацанілі і абралі на пасаду старшыні парламента. З новым становішчам прыйшло і разуменне таго, што ён будзе весці сваю каманду толькі наперад. Музыкант Дэвід Фінк казаў, што весці народ лягчэй, чым зрушыць яго з месца. Як жа наш герой заваяваў давер? У дзяцінстве маленькаму Ле тлумачылі важнасць адказнасці за сябе і сваё акружэнне. Гэта стала падмуркам для развіцця яго лідарскіх якасцяў. Юнак лічыць, што лідар у першую чаргу думае не пра сябе, а пра каманду і ніколі не ставіць сябе вышэй за астатніх. Самай важнай якасцю для кіраўніка называе ўменне чуць іншых. Прысутнічаў і страх, што не атрымаецца аб'яднаць дзяцей з розных школ, розных узростаў, але нездарма кажуць, што справа майстра баіцца.

Юныя парламентарыі стварылі нямала праектаў. Напрыклад, падпісалі і адправілі паштоўкі ветэранам падчас Рэспубліканскай акцыі «Дзякуй за Перамогу!». Значнай стала ініцыятыва па зборы цацак і кармоў для братоў нашых меншых.

– Я памятаю ўсмешлівыя твары пажылых людзей, якія прыходзілі ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік», каб атрымаць падарункі для сваіх гадаванцаў, — успамінае юнак. — Людзі распавядалі, як цяжка пракарміць хатніх жывёл на адну пенсію, паказвалі фотаздымкі коцікаў і сабачак. Ад іх падзякі стала вельмі цёпла на душы. Як жа гэта класна, як жа гэта крута – атрымліваць столькі задавальнення ад адной усмешкі!

У сацыяльных сетках TіkTok і Іnstagram падлеткі запусцілі міні-праект «Паразмаўляем»: здымалі тэматычныя відэа, у якіх з гумарам тлумачылі значэнне цікавых беларускіх слоў. Сумесная здымка reels дапамагла яшчэ больш згуртавацца юным парламентарыям. Пазней Ле стаў госцем Міжнароднага сходу Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, на якім прапанавалі паўдзельнічаць у міжнародным праекце «Лічбавая зорка». У Дзень Незалежнасці юныя парламентарыі ўсталявалі таблічкі з QR-кодамі каля гістарычных месцаў горада. Нельга не адзначыць поспех створанага да Дня Перамогі відэапраекта «Жураўлі»: хлопцы і дзяўчаты прыдумалі ідэю, касцюмы, запісалі кавер і ў выніку занялі першае месца на Рэспубліканскім конкурсе «Ты ў эфіры».

Дзень за днём юнакі і дзяўчаты рэалізоўвалі свае ідэі, і неўзабаве іх заўважыла адміністрацыя раёна. Маладзёжны парламент запрашалі на розныя сустрэчы, канферэнцыі, што дало вялікую матывацыю. Нгуен Ба Куанг Ле стаў інтэрв'юерам на цырымоніі ўзнагароджання раённага мерапрыемства «Чалавек года», эфір з яго ўдзелам трансляваўся на канале мясцовага тэлебачання. Не менш важнай заслугай юнак лічыць атрыманне ўдзячнага ліста за актыўны ўдзел у жыцці горада ад старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыя Горлава.

Пераломным для Ле стаў момант сыходу з Маладзёжнага парламента. Хлопец прызнаецца, што яго каманда правяла каласальную работу, але яму хацелася дапамагаць людзям на новым узроўні. Тады актывіст пазнаёміўся з Дзіцячым фондам ЮНІСЕФ. Яго дзейнасць у гэтай арганізацыі пачалася з удзелу ў інтэрактывах і анлайн-канферэнцыях «V-talks». На адным мерапрыемстве была афлайн-частка – плогінг-забег, падчас якога валанцёры арганізавалі акцыю па зборы смецця ў Заслаўі. Праз некаторы час у Іnstagram-канале арганізацыі размясцілі спіс самых актыўных удзельнікаў за мінулы год. У ім быў і Нгуен Ба Куанг Ле.

Неўзабаве юнак стаў каардынатарам праекта «Топ-валанцёр» і з гэтага часу займаецца стварэннем кантэнту для арганізацыі, удзельнічае ў трэнінгах, сустрэчах, здымках, пляцоўках, акцыях. Напрыклад, наведаў фестываль «Школа, свабодная ад булінгу» ў рамках сумеснай праграмы фонду і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта «Булінг? Не ў маёй школе». Удзельнікі абмеркавалі правілы і абавязкі, якія варта было б увесці ва ўстановах адукацыі, каб знізіць узровень цкавання. З гэтай праблемай штогод сутыкаецца больш за 70 працэнтаў дзяцей і падлеткаў, у тым ліку і наш герой, прадстаўнік іншай нацыянальнасці.

– На мяне звярталі ўвагу з-за колеру скуры, разрэзу вачэй, – расказвае Ле. –Каб справіцца з такой праблемай, раю ў складаныя моманты абстрагавацца. Мне пашанцавала, што побач была мая сям’я, бацькі заўсёды служылі прыкладам паважлівага стаўлення да навакольных.

Усім вядома, што шлях да зор пракладзены праз церні. Калі ў хлопца апускаліся рукі і немагчыма было зразумець, што рабіць далей, Ле ўспамінаў свой дэвіз «Усё, што ні робіцца, – да лепшага, бо любая падзея – гэта бясцэнны досвед». Аднойчы, калі валанцёрылі на фестывалі, да іх падышоў мужчына і спытаў, колькі грошай яны атрымаюць за работу.

– Мы адказалі, што займаемся гэтым бясплатна і добраахвотна. А платай за нашу працу з’яўляюцца словы падзякі і шчырыя дзіцячыя ўсмешкі. Валанцёрства – гэта новы кірунак дзейнасці ў нашым грамадстве, і людзі мала ведаюць пра яго сутнасць, таму мая галоўная задача – папулярызаваць гэты рух, – гаворыць юнак.

Тым, хто хоча пайсці па слядах Ле, ён рэкамендуе ніколі не баяцца пачынаць:

– Калі вы хочаце рабіць дабро, то бярыце і рабіце. А калі на вашым жыццёвым шляху сустракаюцца дзверы, якія вы не можаце адчыніць, трэба проста знайсці патрэбны да іх ключ.

Паліна Шынкевіч.

Фота з архіва Нгуен Ба Куанг Ле.

bottom of page